A+ A A-


Людзі стаміліся ад галечы і ўладнай вертыкалі, – Чамурака

Оцените материал
(10 голосов)

Сістэму, якая прыніжае людзей, пераўтвараючы ў паднявольных, трэба мяняць. 


Кандыдат у дэпутаты ад АГП па Сенненскай выбарчай акрузе № 30, жыхар Дуброўна Міхаіл Чамурака меўся назіраць за падлікам галасоў выбарцаў, але апынуўся ў РАУС.

Такім чынам старшыня выбарчай камісіі пазбавілася ад непатрэбнага сведкі  – выклікала міліцыю і паведаміла, што кандыдат нібыта замінаў падліку галасоў: вёў відэатрансляцыю (згодна заяве, фотарэпартаж). Хаця насамрэч сядзеў ціха, а тэлефон ляжаў на каленях, адно – з уключаным дыктафонам, сцвярджае сам Міхаіл.

Патрабаванне скласці тэлефоны ён палічыў незаконным, гэтак жа як і патрабаванне пакінуць участак на падставе хлуслівага абвінавачвання. У выніку супраць яго завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 23.4 КоАП за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд мусіў адбыцца на наступны дзень, але дакументы перадалі ў Віцебскі абласны суд. Цяпер той павінен вырашыць, дзе адбудзецца судовае пасяджэнне. Аднак Міхаіл збіраецца аспрэчыць незаконныя дзеянні (у тым ліку міліцыі) у судзе.

 «Выбары» ў маленькіх гарадах у нечым падобныя. Там нават у хованкі не гуляюць, каб забяспечыць перамогу патрэбным кандыдатам. Усё робіцца наўпрост і груба.

Чаму адбываецца так? І чаму свабода слова, правы чалавека, сацыяльная справядлівасць, сумленныя выбары ўспрымаюцца там як нешта тагасветнае?

Па меркаванні Міхаіла Чамуракі, якое ён выказаў ў каментары сайту ucpb.org, прычына ў створанай дзяржаўнай сістэме. Хаця з адсутнасцю свабоды слова пагадзіўся напалову:

–  У нас ёсць людзі, якія здольныя адкрыта выказвацца, ёсць інтэрнэт. И тое, што не надрукуе раённая газета, мы можам надрукаваць і абмеркаваць ў сацсетках. Што да газеты… Неяк судзілі старшыню калгаса і галоўбуха. Былі растраты больш чым на $150 тысяч. Я прыходзіў на адкрыты суд, вёў сябе прыстойна, але спачатку мне не дазволілі на дыктафон запісваць, кажучы, што гэта забаронена. А потым дайшло нават да таго, што за рукі і за ногі выносілі з залы пасяджэнняў. Я завітаў у рэдакцыю газеты. Пытаюся: «А чаму наша раёнка нічога не асвятляе?» На што мне адказалі, паказаўшы пальцам уверх, маўляў, у нас сузаснавальнік райвыканкам. Што зверху спусцяць, то мы і друкуем.

–  Вось і атрымліваецца, што пратэстуюць адзінкі, а бальшыня адмоўчваецца.

–  Таму што ў нас існуе нешта накшталт прыгоннага права. Людзі баяцца страціць свой заробак у 300-350 рублёў. Хаця многія бываюць нават раз’юшаныя, калі іх гоняць на ўчасткі для галасавання, прымушаюць працаваць на некалькі гадзін больш, завальваюць абавязалаўкай. І пры гэтым кіраўніцтва кажа: «Не падабаецца – сыходзь».

–  Чаму людзі ў малых гарадах баяцца займацца палітыкай, ісці ў палітычныя партыі, актыўна выказваць сваю пазіцыю на пікетах?

– Я працую ў прыватным сектары і фінансава не залежу ад мясцовых уладаў – гэта праца па ўсёй краіне. А тыя, хто знаходзіцца на адным месцы, нават прадпрымальнікі, якія звязаныя з уладамі той жа арэндай, усяго баяцца. Не кажучы ўжо пра звычайных грамадзян. Пэўна, 98 адсоткаў – гэта працаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, бюджэтнікі. А там пануе вертыкаль – сістэма падаўлення зверху ўніз. Калі я стаяў на пікеце, то нават папярэдзілі бюджэтнікаў, каб, не дай Бог, ніхто да мяне не падыходзіў. А калі падыдзе, то пакараюць. Як і за што пакараюць?.. Тым не менш у людзях жыве страх. Таму ім прасцей не згаджацца ўнутрана, чым адкрыта выходзіць і выказваць сваю незадаволенасць. Бяда у тым, што эканоміка пабудаваная так, што няма шырокага прыватнага сектару, які быў бы незалежным ад дзяржавы. Таму зараз усё завязана на дырэктарах, старшынях і ім падобных. Калі па сельсавету выбары пройдуць няўдала, то кіраўніка сельсавета пакараюць рублём ці знімуць. А калі ў школах  яўка малая ці прагаласавалі не так, як трэба, пакараюць дырэктара школы. Уся гэтая сістэма створаная так, каб ніхто нікуды не збочыў і ўсе былі пад кантролем.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.