A+ A A-


Ірына Давідовіч: Гэтая ўлада павінна сысці

Оцените материал
(19 голосов)

Толькі адстаўка Лукашэнкі і сумленныя выбары дэпутатаў змогуць змяніць сітуацыю ў краіне да лепшага.


У гэтым упэўнена Ірына Давідовіч, сябра АГП, кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54.


Яе праграму ўлады палічылі небяспечнай для сябе, таму пазбавілі Ірыну законнага права звярнуцца па тэлебачанні да выбарцаў. Потым абвясцілі папярэджанне за публікацыю выступу ў сацсетках. 5 лістапада больш высокая інстанцыя – абласная камісія – пакінула гэтае рашэнне ў сіле.

Чым жа так небяспечная прадстаўніца АГП? Па меркаванні Ірыны Давідовіч,  цяперашнія ўлады не здольныя справіцца з тымі праблемамі і выклікамі, якія стаяць перад Беларуссю. Тым больш забяспечыць краіне развіццё. А значыць, павінны сысці, зазначыла яна ў інтэрв’ю сайту ucpb.org.

– На ваш погляд, якія праблемны на ўзроўні акругі і краіны найбольш балючыя і патрабуюць тэрміновага вырашэння. Вылучым тры з іх.

– Для нашай акругі, Гарадзеншчыны і ўсёй Беларусі праблемы амаль ідэнтычныя. Гэта беспрацоўе, АЭС у Астраўцы і закон Раўкава.

Калі людзі пачынаюць эканоміць на прадуктах харчавання, то гэта можна лічыць катастрофай, а калі людзі працуюць за ежу, то гэта рабства. Многія так і не зразумелі, што яны ўжо ціхія і пакорныя рабы. Я прывяду прыклад. У Іўе нядаўна прыязджаў Лукашэнка. А за тыдзень да гэтай “знамянальнай падзеі” на рынку ў тым жа Іўі супрацоўнікі “Чырвонага Крыжа” збіралі грошы на дапамогу бедным беларусам, каб яны маглі адправіць дзяцей у школу. Вы ўяўляеце сабе размах катастрофы? Вядома, можна палічыць гэта і тролінгам Лукашэнкі, і пасмяяцца, але ж гэтая арганізацыя не дазволіць сабе такіх жартаў, таму будзем сумленнымі: бяднота – гэта наша рэальнасць.

Будоўля Беларускай АЭС у Астраўцы. Кожны чуў пра тыя парушэнні, што суправаджаюць будоўлю. Гэта і пачатак будоўлі без праектнай дакументацыі, і корпус рэактара, які ўпаў, пасля і другі корпус, які быў на замену, стукнулі аб чыгуначную апору. Нават жудасна, што пра гэта можна даведацца толькі ад актывістаў, але не ад ўлады, не ад дзяржаўных СМІ. Для Іўеўшчыны гэта тэма актуальна тым, што яшчэ зусім нядаўна частка Іўеўскага раёну лічылася пацярпелай ад Чарнобыльскай аварыі. Выплочваліся “грабавыя”, выдаваліся пасведчанні. Але пасля раптам раён стаў чысты, бо, напэўна, самы галоўны фізік-атамшчык краіны зрабіў адкрыццё ў сферы ядзернай фізікі, што радыёнукліды ўзялі і зніклі, не дачакаўшыся нават перыяду паўраспаду. Я заўжды запрашаю тых, хто сумняваецца, прыехаць сюды, завяду ў грыбны лес, набярэце, зварыце, з’ясцё. І вывады зробіце самі.

Закон Раўкава – гэта наогул вычварэнства. Калі дзяржава хоча развівацца, то павінна на першы план ставіць навуку і адукацыю, а пасля ўжо армію і абарону. Нават па той прычыне, што без навукі і адукацыі не можа быць сучаснай арміі і якаснай абароны. Па-другое, на нас ніхто не збіраецца нападаць, а ад Расіі Лукашэнка і не збіраецца абараняцца, ды і не абаронішся такой арміяй. Пра стан нашай арміі ведае кожны, хто хоць раз пацікавіўся. Там толькі паказуха, ды і то зрэдку.

– Якія захады павінны быць зробленыя, каб, прынамсі, на тры праблемы стала меней?

– Каб пазбавіцца беспрацоўя і бядноты ў першую чаргу трэба адмяніць Дэкрэт аб дармаедстве, а пасля правесці сістэмныя рэформы ва ўсіх сферах.

Атамную станцыю не адкрываць, а вызначыць іншую сферу выкарыстання гэтай пабудовы.

Закон Раўкова адмяніць і ў будучым паступова перайсці да службы па кантракце. А на гэты момант трэба ратаваць як беларускіх навукоўцаў, так і тых, хто ідзе ў армію. Я маю на ўвазе розныя прэферэнцыі, у тым ліку і павышэнне заробкаў. Не за кошт памяншэння колькасці адных, каб стала больш другіх. Не павялічваць армію шляхам адрыву ад вучобы, а разумна павялічваць прэстыж як навукі, так і арміі. Гэта трэба рабіць тэрмінова, пакуль маладыя людзі і не толькі не пакінулі краіну назаўсёды.

– На жаль, улада пакуль паспяхова спраўляецца толькі з адной задачай – утрыманнем улады…

– Таму я за змяняльнасць ўлады, бо той парламент, які падпарадкоўваецца Лукашэнку, і, вядома, сам Лукашэнка не здольныя прынесці станоўчыя змены. За 25 гадоў у гэтым пераканаліся ўсе, хто не быў прыбліжаны да праўладнага карыта. Толькі адстаўка Лукашэнкі і сумленныя выбары дэпутатаў змогуць змяніць да лепшага сітуацыю, якая склалася ў краіне.

 

 

Апошнія навіны

Архіў навінаў

Рассылка

      

Design © WKN.BY | All rights reserved.