Logo
 Версия для печати

Менск: пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй працягваюцца (фота)

Оцените материал
(15 голосов)

29 снежня ў Менску прайшла пятая за месяц акцыя супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.


Апоўдні на Кастрычніцкай плошчы пачаўся мітынг. У ім узялі ўдзел больш за сотню чалавек. Яны прыйшлі з антыінтэграцыйнымі плакатамі, партрэтамі зняволеных палітыкаў, бел-чырвона-белымі сцягамі.

Удзельнікі акцыі запатрабавалі апублікаваць планы інтэграцыі. «Лукашэнка па-ранейшаму прадае Беларусь, а мы па-ранейшаму патрабуем рассакрэціць «дарожныя мапы», – заявіў адзін з арганізатараў акцыі Вячаслаў Сіўчык.

На мітынгу прагучала патрабаванне вызваліць асуджаных за ўдзел у папярэдніх акцыях.

Старшыня АГП Мікалай Казлоў падчас акцыі адзначыў, што перамовы аб інтэграцыі з Расеяй – злачынства з боку Аляксандра Лукашэнкі. Пасадкамі і штрафамі Лукашэнка паказаў, што ён «аднаасобна будзе вырашаць, у якой краіне нам жыць». «Спробы выгандляваць нейкія ўмовы для сябе ў гэтай інтэграцыі – мне здаецца, гэта здрада радзіме», – зазначыў палітык.

Мастак Алесь Марачкін паведаміў, што прыйшоў на акцыю, каб падтрымаць зняволеных.

Па заканчэнні мітынгу пратэстоўцы пад воклічы «Жыве Беларусь» і заклікі «Далучайся» рушылі калонай да плошчы Незалежнасці.  

Завяршылася акцыя «жывым ланцугом» ад Галоўпаштамту.


Папярэднія акцыі пратэсту прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 снежня. Шэраг актывістаў за ўдзел у гэтых акцыях судзілі. Большасць пакараная штрафамі, найбольш актыўныя – асуджаныя на адміністрацыйныя арышты ад 5 да 15 сутак. У ліку арыштаваных – Павел Севярынец, Алена Талстая, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Дзяніс Урбановіч, Алесь Чахольскі, Стас Шашок, Максім Урбановіч, Леанід Кулакоў, Сяргей Ціханоўскі.

 

Фота Генадзя Верацінскага