Сябра АГП і БАЖ з пасёлку Акцябрскі Андрэя Павука не пусцілі на паседжанне раённага савету дэпутатаў, які адбываецца раз на тры месяцы.
Тры міліцыянты на ўваходзе перашкодзілі журналісту–фрылансеру прайсці ў будынак райвыканкаму, паразмаўляць са старшынёю мясцовага савета дэпутатаў Алегам Таргонскім, паведамляе Гомельская вясна.
“Я, канешне, вельмі абураны, што прадстаўнікі народу – дэпутаты не пажадалі пусціць на сваё паседжанне журналіста, - каментуе Андрэй Павук. – Больш таго, калі я прыйшоў у райвыканкам мяне ўжо чакалі тры міліцыянты, якія не пусцілі нават у будынак. Думаю, што т.зв. дэпутаты проста рэальна безыніцыятыўнае балота. Гэтыя людзі, відаць, толькі сядзяць, слухаюць, не абураюцца нічога не прапаноўваюць. Наша ўлада баіцца паказаць сваю недзеяздольнасць”.
У чэрвені бягучага году гэта ўжо другая спроба блогера даведацца аб дзейнасці мясцовай улады. 11 чэрвеня Андрэю Павуку таксама не дазволілі папрысутнічаць на штотыднёвай планёрцы кіраўнікоў аддзелаў Акцябрскага райвыканкаму.
У сувязі з двумя адмовамі Андрэй Павук накіраваў скаргу ў аблвыканкам на дзеянні мясцовых чыноўнікаў.
Нагадаем, Андрэй Павук – блогер, заснавальнік суполкі “Рудабельская паказуха”, якая мае каля 5 тыс. падпісантаў. На яе старонках асвятляюцца вострыя сацыяльна – эканамічныя праблемы раёну.