Экс-кіраўнік Нацбанка раскрытыкаваў Лукашэнку.
Беларускі ўрад адмовіўся ад крэдытнай праграмы Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), заявіў 9 верасня міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.
Міністр разбурыў міф пра тое, што Лукашэнка прызначыў урад рыначнікаў. Больш за тое, без новых крэдытаў «беларуская эканоміка канчаткова зойдзе ў нявыкрутку», а самыя танныя крэдыты - у МВФ. Фактычна пастанова прынятая на шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, адзначыў у інтрэрв'ю сайту udf.by сябра Экспертнага савета АГП, экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч:
- Адмова ад крэдытнай праграмы з МВФ толькі пацвярджае аксіёму, што новы ўрад не плануе кардынальных пераўтварэнняў у эканоміцы, ідзе старым курсам папярэдняга ўрада. Бо МВФ не патрабавала нічога надзвычайнага.
- Міністр сказаў, што прынцыповых супярэчнасцяў наконт зместу праграмы супрацоўніцтва няма, супярэчнасці - толькі ў тэмпах рэформ.
- Ды мы ўжо 20 з гакам гадоў робім адну і тую ж праграму - гэта ўсё заявы для бедных.
- Атрымліваецца, міністр развеяў міф пра тое, што Лукашэнка прызначыў урад рыначнікаў.
- Мабыць, так. Я таксама мяркую перабольшаннем заявы пра тое, што Румас з'яўляецца сапраўдным рэфарматарам. Разам з Мясніковічам ён, магчыма, і хацеў нешта рабіць. Памятаю, Мясніковіч напісаў артыкул аб рынкавых пераўтварэннях, дык у МВФ дзівіліся: і гэта ваш рыначнік?
Мясніковіч не прапанаваў нічога кардынальнага: ні змяненняў у кіраванні дзяржсектарам, ні адмову ўрада ад умяшальніцтва ў бізнэс, у тым ліку і ўмяшальніцтва ў кіраванне дзяржсектарам. Мы ж бачым, як у нас усё робіцца: міністра ставім на месца дырэктара інструментальнага завода.
А кіраўніку прадпрыемства самому нельга развязваць праблемы, зыходзячы з рэнтабельнасці, прадукцыйнасці, экспарту? Урад Румаса хоча захаваць адміністрацыйнае кіраванне.
- Атрымліваецца, адная з крыніц атрымання танных крэдытаў перакрытая. На каго цяпер можна разлічваць?
- На каго, на каго - на Расею. Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) нарэшце выдасць цягам месяца чарговую рату сумай 200 мільёнаў даляраў. Разлік, відавочна, толькі на Расею.
Іншая рэч, што крэдыты МВФ - самыя танныя. ЕФСР дае крэдыты пад вялікія адсоткі. Мэта крэдытнай праграмы МВФ - прыцягнуць заходнія крэдыты ў Беларусь, а калі няма крэдытнай праграмы - сур'ёзныя інвестыцыі да нас па-ранейшаму не пойдуць.
- Афіцыйны Менск прадэклараваў гатоўнасць ў сярэднетэрміновай перспектыве размясціць на лакальных рынках Расеі і Кітая суверэнныя аблігацыі на суму да 2 мільярдаў даляраў.
- Ні ў Расеі, ні ў Кітаі не размесціш аблігацыі пад 3% (смяецца) - можна размясціць пад 8-9%. І такую мэту перад сабой ставіць беларускі ўрад?.. Эканоміка і так задыхаецца ад замежнай запазычанасці.
Са звестак аднаго даследчага інстытута, сума абаротнага капіталу ў сферы эканомікі складае толькі 15 мільярдаў беларускіх рублёў, 10 мільярдаў - у Менску, 5 мільярдаў - на ўсю астатнюю краіну. Усе закрэдытаваныя, уся эканоміка на мяжы банкруцтва.
- Атрымліваецца, пастанова адмовіцца ад крэдытнай праграмы з МВФ прынятая на шкоду эканамічных інтарэсаў Беларусі?
- Я думаю - так. Іншая справа, што трэба браць крэдыт у МВФ, але адначасова і развязваць праблему банкруцтва буйных прадпрыемстваў. Велізарная закрэдытаванасць «Гомсельмаша», Мінскага трактарнага завода, металургічнага камбіната: на буйных заводах крэдыты перавышаюць актывы.
Нам трэба развязваць праблему неплатаздольнасці буйных дзяржаўных кампаній, але ўжо 20 гадоў усё адкладаюць і адкладаюць. Па-добраму, крэдыты не варта браць ні на ўсходзе, ні на Захадзе, але без крэдытаў эканоміка цалкам зойдзе ў нявыкрутку. Таму патрэбны крэдыт і праграма для ажыўлення эканомікі.